беларуская  русский  english

ЗА НОВЫЯ ВЫБАРЫ! ЗА ВОЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ!

21.3.2006

Дарагія Беларусы! Дарагія землякі!

Гэта былі ня выбары, а нахабнае, у каторы раз, ашуканства народа.

Нельга дапускацца, каб нам плявалі ў твар. Нельга дазволіць, каб тапталі наш чалавечы гонар. Будучыня Беларусі наперадзе, а не ў калгаснай савецкай яме!

Наша будучыня вырастае цяпер, на Цэнтральнай плошчы Менска, дзе маладыя беларусы ахвяраваліся і стаяць за вольную Бацькаўшчыну, за справядлівасьць, за новыя выбары Беларускага Прэзыдэнта.

Часам перамога вызначаецца ня колькасьцю, а вытрымкай, дакладнасьцю і арганізаванасьцю. Менавіта гэтак у 1991 годзе нам, дэпутатам Апазыціі БНФ, якія складалі няпоўных 10 адсоткаў у Вярхоўным Савеце, але дзейнічалі рашуча, удалося, пры падтрымцы людзей на плошчы, спыніць дзейнасьць КПСС у Беларусі і вярнуць незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Зьвяртаюся да ўсіх беларускіх людзей, у каго б’ецца сэрца за нашу Айчыну. Падымаймася! Падтрымаем нашу моладзь! Усе на плошчу! Хопіць паранойнага хамства! Хопіць афіцыяльнага публічнага абзываньня людзей “дэбіламі”, “падонкамі”, “адмарозкамі”! Хопіць таптаньня нашай мовы, нашага сьвятога Сьцяга, нашага Францыска Скарыны ў гразь! Ня могуць прымітыўныя групы грамадзтва кіраваць культурнай нацыяй.

Падымаймася! Зьвяртаюся да ўсіх сяброў адзінага Беларускага Народнага Фронту – на Плошчу! Трэба згуртавацца ўсім, настае час; толькі разам адваюем будучыню і свабоду. Рашаючае слова павінен сказаць салідарны народ. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ падтрымлівае моладзь на Плошчы і разам выходзіць на менскі брук.
Няхай лунае над намі “Магутны Божа”! Мусяць быць новыя выбары. Павінен быць беларускі прэзыдэнт. Была і будзе вольная Беларусь!

21 сакавіка 2006 г.
Зянон ПАЗЬНЯК

ВОЛЬНЫМ БЕЛАРУСАМ ТРЭБА БРАЦЬ ЛЁС БАЦЬКАЎШЧЫНЫ Ў СВАЕ РУКІ

20.3.2006

Дарагія землякі, дарагія беларусы! Толькі што скончыліся фальшывыя выбары Лукашэнкі, які прысвоіў сабе па папярэдніх падліках каля 90 адсоткаў галасоў. Цяпер вы пераканаліся, што замест выбараў адбылося бессаромнае арганізаванае ашуканства народу. Лукашэнка па закону ня меў права ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Тое, што, ня маючы права выбірацца, ён ужываў сілу, прымусовыя мэтады, арышты, зьбіцьцё і перасьлед апанэнтаў у час выбарчай кампаніі і сфальсіфікаваў вынікі галасаваньня, – гэта сьведчыць аб дзяржаўным замаху і гвалтоўным захопе ўлады ў Беларусі.
У сувязі з гэтым па даручэньні кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі Беларускага Народнага Фронту лічу патрэбным заявіць наступнае:

Выбары, якія правёў Лукашэнка, несправядлівыя, незаконныя і недэмакратычныя.
Выбраньне Лукашэнкі ёсьць незаконнае, фальшывае і нелегітымнае.
Лукашэнка ня выбраны прэзыдэнтам!

У Беларусі патрэбныя новыя выбары прэзыдэнта без Лукашэнкі, якія павінны адбыцца ў гэтым годзе.

Настае час, калі сынам і дочкам Беларускага Народа трэба стаць пад сьвяты Беларускі Народны Сьцяг і сказаць сваё важкае слова ў абарону вольнай будучыні Беларусі.

Цяпер усёй вольнай беларускай нацыі, усім вольным беларускім людзям трэба салідарызавацца на змаганьне з антынароднай і паранойнай дыктаурай.

Прымаючы пад увагу нелегітымнасьць існуючай улады, мы, беларусы на Бацькаўшчыне і ва ўсім сьвеце, мусім неадкладна ўтварыць Часовы Нацыянальны Ўрад Беларусі, на моцы якога будзе правядзеньне салідарных агульнабеларускіх дзеяньняў, накіраваных на ліквідацыю антынароднага рэжыму і дыктатуры на Беларусі.

Падкрэсьліваю, што, улічваючы рэпрэсіўнасьць рэжыму, Часовы Беларускі Ўрад неабходна ствараць адначасна на Бацькаўшчыне і ў эміграцыі зь легальнай прысутнасьцю за мяжой і дыскрэтнай – на Бацькаўшчыне. Ва ўрад могуць увайсьці палітыкі, дзеячы, спэцыялісты ад розных беларускіх арганізацыяў і вядомыя асобы, уключаючы асяроддзе кандыдатаў на прэзыдэнта, якія ўдзельнічалі ў гэтай выбарчай кампаніі супраць рэжыму.

Першым неадкладным крокам павінны стацца кансльтацыі ў Варшаве, якія неабходна правесьці на працягу першага тыдня (20-27 сакавік) пасьля сфальшаваных выбараў Лукашэнкі.

Зянон ПАЗЬНЯК
19 сакавіка 2006 г.

Тэлефоны ў Варшаве: (48 22)- 866-11-49
(48)- 606-575-535
Э-по: info@pbpf.org

Куды несцi Народны Бюлетэнь, на плошчу?

18.3.2006

Афіцыйны бюлетэнь Вы павінны захаваць сабе.

І перадаць яго толькі сябру Незалежнай Грамадскай Камісіі (НГК).

Тут два варыянты:

  • пакінуць дома, ды перадаць яго, калі да Вас прыйдзе сябра НГК
  • перадаць яго па адрасе г.Менск, пр-т Ф.Скарыны 133-147 (часовы штаб НГК)

Таксама тэлефануйце на нумары 8-029-661-51-43, 8-029-772-62-21 і пытайцеся.

Як датэрмінова галасаваў менскі выбаршчык Барыс Мытнік

18.3.2006

(з аповеду па тэлефоне)
… Зайшоў я на выбарчы ўчастак. Заля для галасаваньня яшчэ не падрыхтаваная. Па ўказальнікам прайшоў у маленькі пакойчык.
У пакойчыку стаіць стол, за якім сядзіць жанчына, сябра камісіі, і насупраць стаіць выбарчая скрыня. Кабіны для галасаваньня няма. Пытаюся:
- Дзе кабіна для таемнага галасаваньня? Падрабязьней »

УЗОР АКТУ

17.3.2006

Прыводзім узор акту, які раім Вам афармляць пры перашкодах галасаваць Народным бюлетэнем. Падрабязьней »

ВАЖНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ

17.3.2006

Гэты артыкул вельмі важна прачытаць тым, хто будзе галасаваць па схэме Народнага Галасаваньня.
Дзеля таго, каб адсачыць рэакцыю ўладаў на гэта былі праведзеныя тэставыя галасаваньні падчас датэрміновага галасаваньня.
Прыводзім сьведчаньне аднаго з удзельнікаў. Падрабязьней »

Галасуем Народным бюлетэнем!

17.3.2006

Як паведамляюць сябры НГК з розных гарадоў, пачалося прымусовае “галасаваньне.” Людзі абураюцца, але апусьціўшы голавы, пад ціскам адміністрацыі ідуць і галасуюць.

Заклікаем галасаваць Народным бюлетэнем! Трэба супроцьстаяць гвалту. Нельга аддаваць свой голас, каб ім маніпуляваў рэжым.

Колер бюлетэняў у розных раёнах адрозны. Ёсьць блакітныя, ёсьць зялёныя, магчыма ў іншых месцах могуць быць іншага колеру.Але для Народнага галасаваньня гэта ня мае значэньня. Лепш кідаць Народны бюлетэнь белага колеру. Пры ўскрыцьці скрыняў адразу візуальна будуць бачныя Народныя бюлетэні. Ня трэба баяцца міліцыі ці яшчэ каго-небуць. Любыя спробы перанкодзіць выбаршчыку ёсьць незаконныя. У выпадку перашкодаў галасаваньню Народным бюлетэнем, трэба той асобе, якая перашкаджае, сказаць:
“Адыдзі! Ты парушаеш закон і мае правы. Хто ты такі? Як тваё прозьвішва?”

Складзіце кароткі акт аб парушэньні вашага выбарчага права,падпішыце яго у сьведкаў (лепш калі падпішуць назіральнікі ад апазыцыі) і перадайце нам. Калі хочаце прагаласаваць схавана, трэба набыць калявовы аркуш (прадаюцца ў канцэлярскіх таварах) і выкарыстаць ў якасьці бюлетэня.

Ёсьць ужо практыка галасаваньня Народным бюлетэням. Назіраньні наступныя: Міліцыянт, які дзяжурыць пры скрыні, адварочваецца, калі выбаршчык кідае бюлетэнь.

Ня справа міліцыянта сачыць якога коляру кідае выбаршчык бюлетэнь. Яго фунццыя ахоўваць скрыню, каб яе ніхто не перакуліў, не паламаў , не знёс і г.д. Калі ён будзе нейкім чынам перашкаджаць галасаваць Народным бюлетэнем, на яго таксама трэба складаць акт парушэньня.

Ёсьць спробы нейкіх “назіральнікаў” перашкодзіць. Але трэба спакойна стаяць на сваім і на такіх “назіральнікаў” складаць акт і патрабаваць у камісіі выдаляць гэтых “назіральнікаў” з участка. Гэта дзейнічае безадказна.

Паважаныя сябры, галасуем Народным бюлетэнем!
Лукашэнкаў бюлетэнь забярыце і перадайце нам, тэл. 8-029-661-51-43
Жыве Беларусь!

17 сакавіка 2006 г.
Старшыня Рады НГК С.Папкоў

Зянон Пазьняк: Народнае Галасаваньне – выхад з тупіка

11.3.2006

26-га лютага газэта “Нью-Ёрк Таймс” зьмясьціла вялікі артыкул пад загалоўкам “Зьвяржэньне апошняга Эўрапейскага экс-савецкага дыктатара.” (Аўтар Steven Lee Myers) У артыкуле напісана: “Адміністрацыя Буша, якая вызначыла рэжым у Беларусі, як “апошнюю тыранію” ў Эўропе, патраціла ў мінулым годзе 11,8 мільёнаў даляраў на прапаганду дэмакратыі і плануе патраціць у гэтым, 2006-ым годзе, 12 мільёнаў даляраў. Падрабязьней »

Створаная Незалежная грамадзкая камісія выбаршчыкаў (НГК)

5.2.2006

5 лютага ў Менску прайшоў устаноўчы сход Незалежнай грамадзкай камісіі выбаршчыкаў, якая мае арганізаваць працэдуру Народнага галасаваньня – ініцыяванага Зянонам Пазьняком народнага імпічмэнту А.Лукашэнку.

Як паведаміў сябра Рады новастворанай Незалежнай грамадзкай камісіі выбаршчыкаў Юры Беленькі, ва ўстаноўчым сходзе прымалі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласьцей краіны, касьцяк гэтай арганізацыі склаў актыў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Абраная рада і рэвізійная камісія, ухваленыя статутныя дакумэнты, якія будуць перададзеныя ў для рэгістрацыі ў Мін’юст, паведаміў спадар Беленькі. Падрабязьней »

Заканадаўчае абгрунтаваньне Народнага галасаваньня

3.2.2006

У Канстытуцыі 1994 года Вярхоўны Савет 12-га скліканьня заклаў нормы права, якія дазвалялі непасрэдна народу і галінам улады, якія выбірае народ, выпраўляць сітуацыю ў выпадку дэфармацыі, збачэньня любой галіны ўлады ад агульнанацыянальных інтарэсаў. Падрабязьней »

Зянон Пазьняк і яго Ініцыятыўная група працягваюць удзел у выбарчай кампаніі і мабілізуюць грамадзтва на Народнае галасаваньне

27.1.2006

27 студзеня Ініцыятыўная група Зянона Пазьняка завяршыла збор подпісаў грамадзянаў са станоўчым вынікам – сабрана больш за 135 тысячаў подпісаў. У гэты ж дзень сп. Зянон Пазьняк паведаміў ЦВК, што сабраныя подпісы ня будуць перададзеныя ў выбарчыя камісіі і даў адпаведныя тлумачэньні. Падрабязьней »

Каманда Вайтовіча падтрымала ідэю Народнага галасаваньня

19.1.2006

15 студзеня адбылося паседжаньне сябраў групы акадэміка Вайтовіча, на якім было прынята рашэньне падтрымаць ідэю арганізацыі Народнага галасаваньня на маючых адбыцца выбарах. Па словах сп. Вайтовіча, яго прыхільнікі ўжо сустракаліся з прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы сп. Пазьняка і паведамілі ім аб сваёй падтрымцы.

19 студзеня працягнулася абмеркаваньне. Прынята рашэньне сумеснымі намаганьнямі ўдасканаліць ідэю Народнага галасаваньня, прапанаваную Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыяй – БНФ. У прыватнасьці прапанавана апускаць у скрыню для галасаваньня каляровы бюлетэнь (чырвоны, сіні, памаранчавы, жоўты і г.д.). Тым самым, забясьпечваецца эфект нагляднасьці пры ускрыцьці скрыняў для галасаваньня.

Для арганізацыі народнага імпічманту А.Лукашэнку нельга губляць час

17.1.2006

Прыводзім ліст, які накіраваны 16 студзеня 2006 г. ў штаб ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, з прапановай аб’яднаць намаганьні па арганізацыі народнага імпічманту А.Лукашэнку. Падрабязьней »

Штабы Мілінкевіча і Казуліна вывучаюць ідэю “Народнага галасаваньня”

17.1.2006

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў накіраваў у штабы Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча прапановы наконт сумеснага ўдзелу ў ініцыяваным лідэрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ “Народным галасаваньні”. Падрабязьней »

А.Вайтовіч падтрымаў ідэю Народнага Галасаваньня

10.1.2006

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў распачаў кансультацыі зь іншымі апазыцыйнымі сіламі наконт падтрымкі ініцыяванага Зянонам Пазьняком народнага галасаваньня.

(Папкоў: ) “Зараз мы сустракаемся зь іншымі актывістамі, прапануем іншым камандам далучыцца, таму што гэта ж ня выбары, гэта відавочна. Ёсьць яшчэ два месяца і 10 дзён, і гэта дастаткова, каб узьняць людзей, каб разгарнуць гэтую справу”.

У прыватнасьці сёньня Сяргей Папкоў з прапановай далучыцца да народнага галасаваньня зьвярнуўся да Аляксандра Вайтовіча Падрабязьней »

З.Пазьняк заклікае правесьці Народнае Галасаваньне

9.1.2006

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Зянон Пазьняк зьвярнуўся да ўсіх грамадзянаў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, да арганізатараў і выканаўцаў збору подпісаў, а таксама да прэтэндэнтаў. Ён прапанаваў супрацьпаставіць “незаконнай схеме выбараў рэжыму альтэрнатыўную народную і законную схему і ажыцьцявіць яе”. Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ называе такую акцыю Народным Галасаваньнем. Падрабязьней »

З Новым Годам, сябры!

1.1.2006

Жадаем усім моцнага духу і здароўя.
Наша ідэя – моцная, высокаінтэлектуальная беларуская нацыя і квітнеючая Беларусь.
Наша мэта - Незалежная Беларусь.
Будзем упартымі і мужнымі ў дасягненьні нашай ідэі і нашай мэты.
Посьпехі дасягаюцца напружанай працай і даюцца тым, хто змагаецца.
Мы заклікаем актыўных беларусаў на плошчу!
Наша плошча – народнае галасаваньне!
19 сакавіка зробім плошчай усю нашу родную Беларусь!

Каардынацыйны ворган Нацыянальнай Грамадзкай Камісіі

Абвестка НГК

29.12.2005

Каардынацыю працы Нацыянальнай Грамадзкай Камісіі (НГК) выконвае штаб ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. Заклікаем актыўных беларусаў далучацца да НГК. Стварайце групы НГК ў колькасьці 3-5 асобаў і наладжвайце сувязь са штабам НГК. Задачай НГК на перыяд да 19 сакавіка 2006 года ёсьць інфармаваньне грамадзянаў пра Народнае Галасаваньне.

Адрэсы для сувязі:
E-mail: nester33@ hotmail.com; mhotimski07@ yahoo.com;
тэл. (+375) 29 661-51-43

Каардынацыйны ворган Нацыянальнай Грамадзкай Камісіі

Абвестка НГК

26.12.2005

Каардынацыйны ворган Нацыянальнай Грамадзкай Камісіі рэкамендуе актыўным беларусам падаць заявы на ўваходжаньне ў склад участковых камісіяў, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя варыянты. Заявы трэба падаць да 29 студзеня 2006 года. Падрабязьней »